БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. Будовы.
т. 3, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)